Свята паэзіі і музыкі “САКАВІНЫ - 2019”

Ад узгоркаў і нізін
Да пяску і гліны
Зноў ляціць наступны клін –
Зэльва… Сакавіны…

Свята паэзіі і музыкі “Зэльвенскія Сакавіны” бярэ свой пачатак у 1997 годзе. Тады, у сакавіку, наш зямляк, вядомы беларускі паэт Уладзімір Мазго першы раз завітаў на сваю малую радзіму ў якасці паважанага госця літаратурнай імпрэзы. Праз дзясяцігоддзі свята набыло папулярнасць, дзякуючы ўдзелу ў ім знакамітых паэтаў і пісьменнікаў, артыстаў і крытыкаў, якіх запрашаў Уладзімір Мінавіч. Зараз “Сакавіны” – наш гонар, наш брэнд, адметнасць нашага краю. Свята штогод збірае сапраўдны зорны россып талентаў.
З першых акордаў мерапрыемства ў зале панавала па-сяброўску шчырая атмасфера. А як жа інакш? Сярод запрошаных гасцей – аўтар шматлікіх паэтычных зборнікаў, член Саюза пісьменнікаў, ганаровы грамадзянін Зэльвенскага раёна, і, галоўнае, наш даўні сябар Уладзімір Мазго; лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, кампазітар і выканаўца, з творчасцю якога зэльвенцы пазнаёміся яшчэ пяць гадоў таму, – Алег Елісеенкаў; член прэзідыума ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, намеснік дырэктара рэдакцыйна-выдавецкай ўстановы “Выдавецкі дом “Звязда”, галоўны рэдактар часопіса “Нёман” Аляксей Чарота.
Вядомыя на Беларусі асобы з задавальненнем дзяліліся з прысутнымі сваёй творчасцю, дасягненнямі і планамі. Вельмі цікава было паслухаць, як нараджаюцца вершы і песні. Так, Уладзімір Мінавіч раскрыў аўдыторыі свой сакрэт – першыя паэтычныя радкі ён пісаў, ідучы праз сасновы лес са школы дамоў. Дарога да Бярэжак, дзе жыла сям’я Мазго, была няблізкая, таму атрымліваліся і вершы. Зэльвенцы ж пабачылі першы паэтычны твор пятнадцацігадовага вучня на старонках раённай газеты “Праца”. Праз усё жыццё, а сёлета Уладзіміру Мазго споўнілася 60 гадоў, пісьменнік пранёс любоў да бацькаўшчыны, да беларускай мовы.
Прыемна было даведацца, што ў мінулым годзе наш зямляк стаў пераможцам конкурсу на лепшы твор, прысвечаны 100-годдзю пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь і атрымаў Дыплом 1 ступені ў намінацыі “Лепшая песня аб пагранічнай службе” за песню “Беларуская граніца”, музыку да якой напісаў Уладзімір Буднік.
“Творы Уладзіміра Мазго – гэта наша класіка, а сам паэт – класік беларускай літаратуры. Не пабаюся гэтых слоў, бо гэта сапраўды так”, – сказаў у сваім выступленні Алег Елісеенкаў. Паэт і артыст сябруюць больш за 25 гадоў. Нагодай для знаёмства стала музыка. Алег Мікалаевіч напісаў ноты і вельмі хацеў, каб хтосьці прыдумаў словы. Але ў аўтараў, да якіх звярнуўся, атрымалася не вельмі гладка. І тады ён рызыкнуў прапанаваць Уладзіміру Мазго. Праз два дні з’явіўся цудоўны твор “Святло малітвы” альбо “Косы твае”, які спяваюць Валерый Дайнека, Дзмітрый Качароўскі. На гэты раз песня мілагучна загучала ў выкананні самаго аўтара. А затым – “Вочы дзяцей”. Не абышліся сталічныя госці і без сюрпрызу. Зэльвенцам яны прапанавалі першымі ацаніць сумесную работу паэта, кампазітара і выканаўцы – напісаную нядаўна песню “Жаўруковая мова”. Зал не толькі гучна апладыраваў, але і стараўся падпяваць вельмі прыгожыя радкі, якія праслаўляюць родную мову:
Кожным гукам чароўным і словам
Зноў табою акрылены я.
Беларуская мова,
Наша з небам размова,
Жаўруковая песня мая.
Падзяку Уладзіміру Мазго выказаў Аляксей Чарота, які прыемна ўражаны прыгажосцю зэльвенскага краю: “З першага моманту, як толькі пабачыў Зэльву, мне захацелася пераехаць сюды і жыць у такім утульным, светлым куточку. А як толькі пабачыў поўны зал, зразумеў, як любяць на Зэльвеншчыне паэтычнае слова”.
Шмат робіць Аляксей Іванавіч для цесных стасункаў беларускай літаратуры з літаратурай краін СНГ. Так, у Таджыкістане выйшаў нумар літаратурна-мастацкага часопіса “Памир”, прысвечаны сучаснай беларускай літаратуры. Ён адкрываецца рэдакцыйным артыкулам “У нас у гасцях — “Нёман”, а ў Выдавецкім доме “Звязда” ідзе падрыхтоўка “таджыкскага выпуска” часопіса “Нёман”.
Што датычыцца творчасці нашага земляка, Аляксей Чарота адзначае вялікі талент пісаць як на беларускай, так і рускай мовах, думаць і тварыць у рытме паэзіі, і ўнікальную працаздольнасць. Дзе толькі не друкаваліся вершы Уладзіміра Мазго: і ў часопісах “Родная прырода”, дзе ён вёў літстаронку, і ў “Полымі”, “Маладосці”. Зараз Уладзімір Мінавіч працуе намеснікам рэдактара ў рускамоўным часопісе “Нёман”, і ў яго ўсё атрымліваецца на выдатна. Так як у выдавецкі дом “Звязда” уваходзіць шэраг выданняў, Аляксей Іванавіч прапанаваў маленькім зэльвенцам, якія маюць паэтычны талент, дасылаць свае “першыя спробы пяра” ў “Бярозку”, больш старэйшым – у “Маладосць” ці “Полымя”. А ў цэлым – не баяцца раскрываць свае здольнасці і браць прыклад з земляка.
У сваю чаргу, самадзейныя артысты Зэльвеншчыны яшчэ раз даказалі, што свята “Сакавіны” – адно з любімых святаў, яно жыве і мае працяг, бо вершы і вершы-песні, напісаныя Уладзімірам Мазго, гучаць пастаянна. Са сцэнічных пляцовак, на маштабных раённых мерапрыемствах, у розных канцэртных праграмах. Ганарацца землякі, што менавіта Уладзімір Мінавіч напісаў “Гімн Зэльвеншчыне”, што стаў пераможцам не аднаго конкурсу, што мае прэстыжныя прэміі “Залаты Купідон”, імя Васіля Віткі, медаль Францыска Скарыны. А сёлета з Зэльвы павёз новыя падарункі – падзячнае пісьмо старшыні райвыканкама і прапанову настаўнікаў СШ №2 стаць асобай сацыяльнага праекту “NeoBoomaga” і дазволіць ім выдаць зборнік вершаў Мазго на паперы з трыснягу.

(Па матэрыялам раённай газеты "Праца")

Госці "Сакавін"

gallery/f232f9bb9dd2ec62b4a6b4ec45459cb1
gallery/mozgo-2015-01-20-03-19
gallery/чарота

Уладзімір Мазго

Алег Елісеенкаў

Аляксей Чарота

gallery/privetstvie
gallery/zal2